Тэма 5. Класіфікацыя імён уласных у анамастычнай прасторы мастацкага твора
Сістэматызацыя і класіфікацыя онімаў, ужытых у мастацкіх тэкстах, можа ажыццяўляцца па наступных крытэрыях: 1) з улікам іх дэнататыў-нага зместу; 2) з улікам арганізуючай ролі паэтонімаў у мастацкай парадыгме тэксту і іх значнасці ў развіцці сюжэту, ідэі твора; 3) з улікам суаднесенасці паэтонімаў з рэальнай анамастыкай; 4) з улікам структуры паэтонімаў; 5) з улікам кантэкставай семантыкі паэтонімаў, іх значымасці ў канкрэтных тэкстах.
Падзел паэтонімаў па іх сувязі з дэнататамі прадугледжвае іх тэматычную сістэматызацыю.
Напрыклад, у анамастычнай прасторы аўтарскіх казак сучасных беларускіх пісьменнікаў Раісы Баравіковай, Зінаіды Дудзюк, Георгія Марчука, Пятра Васючэнкі, Анатоля Бутэвіча, Паўла Ляхновіча прадстаўлены антрапонімы (Мікалай Крыштоф Радзівіл Чорны, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, Галоўны дэгустатар, Міжпланетны Пажарнік і да т. п.), тапонімы (Зорны гарадок, Мінск, Белавежская пушча, Нёман, Аланка, Атлантычны акіян, Зялёнае поле, Антонава дарога, Чорная гара, Слімакова гара), заонімы (Сівая Поўсць, Бутуз, Брыся, Квыш-Квыш), агіёнімы (Святы Іосіф, Дзева Марыя), геартонімы (Дзень Лёгкага крыла, Свята духмянага пялёстка), бібліёнімы (“Малыш і Карлсан”, “Царэўна-лебедзь”, “Чырвоная Шапачка”), астронімы (Млечны шлях, сузор’е Шаляў, сузор’е Дзевы, Новая Калідонія, Планета Цікаўных Хлопчыкаў, Мамурыя), міфонімы (Лясун, Вадзянік, Багнік, Талака, Спешка-Спарышка, Цёця, Начніца, Хлеўнік, Дамавік, Лознік) і інш.
Самай шматлікай тэматычнай групай імён уласных з’яўляюцца антрапонімы. Астатнія групы імён уласных прадстаўлены ў большай ці меншай колькасці ў залежнасці ад жанравай спецыфікі твора.
З улікам арганізуючай ролі ў мастацкай парадыгме і з улікам значнасці паэтонімаў у развіцці сюжэта выдзяляюцца ядзерныя і перыферыйныя паэтонімы. На думку В. І. Супруна, ядро імёнаў уласных прадстаўлена антрапонімамі, перыферыя – усімі астатнімі групамі онімаў [150, с. 183]. Асноўнымі крытэрыямі для размежавання ядзерных і перыферыйных онімаў з’яўляюцца наступныя: частотнасць, удзел у пабудове сюжэта, словаўтваральныя магчымасці [36, с. 63]. Мяжа паміж анамастычным ядром і перыферыяй з’яўляецца ўмоўнай і размытай, таму што ў мастацкім дыскурсе любы паэтонім патэнцыяльна значны незалежна ад прыналежнасці яго да той ці іншай тэматычнай групы.
Традыцыйна падставамі для аднясення таго ці іншага імені ўласнага да рэальнага ці выдуманага з’яўляюцца ці яго фіксацыя ў нарматыўнай крыніцы (слоўніку, даведніку, энцыклапедыі), ці яго адпаведнасць рэчаіснасці. Напрыклад, рэальныя паэтонімы ў кантэксце аўтарскіх казак Георгія Марчука, Ніны Мацяш, Зінаіды Дудзюк, Раісы Баравіковай прадстаўлены рознымі тэматычнымі групамі імён уласных: антрапонімамі (князь Давыд, унук Яраслава Мудрага, казак Нябаба, паплечнік Багдана Хмяльніцкага, польскі кароль Уладзіслаў ІV, каралевы Марыя Ганзага і Бона Сфорца), тапонімамі (Вільня, Берасце, Вялікае Княства Літоўскае, Каралеўства Польскае, Вара, Ясельда, Нёман, Сож, Прыпяць, Дзвіна), агіёнімамі (Дзева Марыя), геартонімамі (Піліпаўка, Спас, Стрэчанне, Каляды, Новы год), касмонімамі (Галактыка, Космас, Зямля, Сонца), бібліёнімамі (“Залаты ключык”, “Русалачка”, “Маша і мядзведзь”, “Каліф-бусел”) і інш. Выдуманымі можна лічыць выключна аўтарскія (аказіянальныя) імёны ўласныя, якія не маюць рэальнай гістарычнай, культурнай ці іншай падасновы. Іх выбар абумоўлены аўтарскай фантазіяй. Да выдуманых імён уласных адносяцца некаторыя антрапонімы (Мамурык, Магу Тое, На Што Здатны, Дзве Залачоныя Дужкі, Двулісцік, Дрэмлік), заонімы (Хуткія Ногі Востры Ражок, Чучумчадла, Крывыя Лапы, Мупсякабуржвалк), тапонімы (Тушканія, Злокадабрыя, Чорны Горад, Краіна Жоўтых Адуванчыкаў і Сонечны Горад), касмонімы (Новая Калідонія, планета Цікаўных Хлопчыкаў, Шэрай Непрыветлівасці, Зялёная планета, планета Чарапах, планета Сапфіраў) і інш.
З улікам структуры (будовы) выдзяляюцца простыя, складаныя, састаўныя паэтонімы. Выбар аўтарамі гэтых паэтонімаў дэтэрмінаваны жанравымі асаблівасцямі твора, функцыянальнай спецыфікай онімаў і індывідуальным аўтарскім стылем.
Напрыклад, простыя паэтонімы ў кантэксце аповесці Анатоля Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля” прадстаўлены аднакампанентнай мадэллю імён уласных: Купалле, Менск, Берасце, Гародня, Вільня, Коўна, Дабяслаў, Келбаса, Збігнеў, Земавіт, Яраслаў) і да т. п.
Складаныя паэтонімы ўтвораны шляхам спалучэння двух кампанентаў, адзін з якіх з’яўляецца прыдаткам: Барташ-капелан, Ян-кракавяк, Кірша-даўгавус. Састаўныя імёны ўласныя прадстаўлены двума і больш самастойнымі кампанентамі: Ордэн Святой Дзевы Марыі Тэўтонскай, Вербная нядзеля, Рэйтар Хэрум, Рыцар Чорны Язык.
Імёны персанажаў мастацкіх твораў могуць несці ярка выражаную сэнсавую нагрузку або мець схаваны асацыятыўны фон. Аўтары прац
па літаратурна-мастацкай анамастыцы А. Ф. Рогалеў [131, с. 61–72] і І. М. Петрачкова [119, с. 8–11] вылучаюць наступныя тыпы паэтонімаў з пункту гледжання ступені іх семантычнай актыўнасці.
Мінімальная ступень семантычнай актыўнасці ў так званых нейтральных імён, значэнне асновы якіх, іх этымалогія не нясуць інфармацыі пра асаблівасці характару персанажа, не выражаюць ацэнкі літаратурнага героя. Яны выконваюць выключна намінатыўна-ідэнтыфікуючую функцыю. Варта адзначыць, што нейтральнасць такіх імён адносная. Нейтральнае імя можа стаць характарыстычным для таго ці іншага чытача. Э. Магазанік адзначае: “Часам аўтар не імкнуўся надаць таму ці іншаму ўласнаму імені ні рэчыўнага, ні эмацыянальнага «сэнсу», чытач жа «значэнне» ў імені бачыць. Але калі для такога чытацкага ўспрымання ёсць нейкія – няхай і слабыя – падставы, пры ўмове, што чытацкае «асэнсаванне» імені не пярэчыць сутнасці створанага вобраза, то з такім чытацкім «самавольствам» можна згадзіцца” [94, с. 51]. Напрыклад, адна з гераінь аўтабіяграфічнага рамана Г. Марчука “Кветкі правінцыі” носіць, на першы погляд, нейтральнае імя Насця (Настася), якое паходзіць ад грэчаскіх слоў “адроджаная, уваскрослая” [133, с. 55]. На нашу думку, этымалагічнае значэнне імені з’яўляецца своеасаблівай гранню ў характарыстыцы гераіні твора. Баба Насця выгадавала, выхавала, дапамагла стаць на ногі сіраце-ўнуку. Юнак упэўнены, што бабуля застанецца жыць у душах блізкіх людзей нават пасля смерці. Унутраная форма імені актуалізуецца ў прамове ўнука на пахаванні бабулі: “І калі ёсць бессмяротнасць душы на зямлі, калі гэта праўда, то папрашу Бога, каб ён аддаў душу маёй бабы майму сыну” [102, с. 213].
Максімальнай ступенню семантычнай актыўнасці характарызуюцца прамагаваркія антрапонімы. Гэтыя імёны маюць празрыстую семантыку, яны характарызуюць прама, непасрэдна, з’яўляючыся свайго роду ярлыкамі, этыкеткамі, якія прадвызначаюць характар успрымання і ацэнкі героя. В. Фанякова адзначае: “Такія імёны падобныя да масак героя ці злачынцы ў сярэдневяковым тэатры, па якіх глядач адразу ведаў: хто перад ім” [163, с. 44]. Так, прамагаваркім антрапонімам з’яўляецца прозвішча героя рамана Г. Марчука “Вочы і сон” Авяр’яна Паўлавіча Ліхадзея. Онім гэты паходзіць ад агульнага назоўніка са значэннем ‘той, хто чыніць ліха, зло, бяду, гора; вораг’ [156, с. 320]. Такое відавочна адмоўнае ацэначнае значэнне ўтваральнай базы антрапоніма адпавядае вобразу чалавека жорсткага, эгаістычнага, помслівага. Ліхадзей для дасягнення ўласных карыслівых мэт без роздуму і шкадавання ахвяруе лёсамі і жыццямі людзей: доктаркі Аляксандры Батура і яе сыноў, сваіх падначаленых і нават жонкі і сына. Нездарма на старонках твора Ліхадзей паўстае ў вобразе Люцыфера. Да ліку прамагаваркіх онімаў адносяцца імёны – ўказальнікі роду заняткаў і сацыяльнага статусу персанажаў у казках Георгія Марчука: Настаўнік, Студэнт, Прафесар, Дама. Звесткі як аб знешнасці, так і аб унутраным абліччы героя нясе гаваркое імя Аднавокі Пірат: “Адно вока Пірата закрыта павязкай, другое гарыць злым чырвоным агнём” [101, с. 100].
Ускоснагаваркія імёны пазбаўлены зададзенасці і просталінейнасці прамагаваркіх онімаў. Антрапонімы гэтага тыпу маюць “зацемненую” ўнутраную форму, для высвятлення якой патрэбны кантэкст. Нярэдка кантэкстам выступае тэкст усяго твора, які спрыяе раскрыццю характарыстыкі, закладзенай у паэтоніме. Да ліку ўскоснагаваркіх онімаў належыць, на нашу думку, прозвішча галоўнага персанажа рамана Г. Марчука “Сава Дым і яго палюбоўніцы”. Носьбіт прозвішча вызначаецца непастаянствам (як дым), хутка мяняючы перакананні, погляды, кірунак дзейнасці, прыстасоўваючыся да зменлівых абставін. Акрамя таго, прозвішча Дым асацыятыўна звязваецца з паняццем “сатанінскі (пякельны) агонь” (дыму без агню не бывае). Сава калечыць душы і жыцці жанчын, якія мелі няшчасце закахацца ў яго. Нездарма юродзівая, якой Бог даў здольнасць бачыць існасць чалавека, так характарызуе Саву: “На ім агонь! Я бачу на ім агонь! Ізыдзі, сатана! Ізыдзі, на ім агонь!” [99, с. 366]. Кантэкст рамана падказвае сэнсавую напоўненасць наймення, у якім адлюстроўваецца дэманічная сутнасць героя.У аснове ўскоснагаваркога прозвішча Чыж, якое мае персанаж рамана Валянціны Коўтун “Крыж міласэрнасці”, ляжыць назва маленькай птушкі. Вобраз рэвалюцыянера-прамоўцы, які “пастаяннага месца жыхарства не мае” [75, с. 300], пераязджае з аднаго горада ў другі, спрытна ўцякаючы ад паліцыі, асацыятыўна звязваецца з вобразам няўлоўнай вяртлявай птушкі. Хуткі, імклівы Чыж, або Чыжык, як празываюць яго сябры, і падчас выступленняў, дыскусій: “Прамоўца ён быў смелы, запальчывы і адразу ж браў «пад рабро». Вычэкваў момант, калі ў разгарачаны папярэднікамі натоўп было дастаткова кінуць, як запалку, толькі адну агністую рэпліку, і ўсё адразу ўзрывалася. А Чыжык імгненна знікаў” [75, с. 300]. Імклівы, гарачлівы Чыж і ў каханні. То ён шчыра кахае варшаўскую паненку Марыю, “амаль штодня ўзлятаючы да яе на трэці паверх” [75, с. 300] (аўтарка абыгрывае семантыку вербальна не выражанага этымона прозвішча), то разгараецца пачуццём да Алаізы Пашкевіч, то захапляецца братавай жонкай.
Парадыйныя імёны прысвойваюцца персанажам з мэтай камічнай ці сатырычнай іх абмалёўкі. “Экспрэсіўна-стылістычная прырода такіх імён заключаецца ў камічным гукавым абліччы, наўмысна кплівым ці зняважлівым скажэнні сапраўднага імені” [132, с. 68]. Так, адзін з герояў п’есы Г. Марчука “Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі” носіць імя Зот Пятровіч. Аднак у характарыстыцы гэтага героя, якая гучыць з вуснаў персанажаў, аматараў чаркі, імя міліцыянера Зота Пятровіча змяняецца на Дзот Пятровіч. Паранамазійны каламбур (наўмыснае сэнсавае збліжэнне імені і агульнага назоўніка дзот) ператварае імя героя ў мянушку – трапную характарыстыку непрымірымага барацьбіта з п’янствам: “А, каго я бачу? Старшыня мясцовага клуба цвярэзнікаў Дзот Пятровіч… Вахценны, а дзе ж твой кулямёт? У-ух, інквізітары!” [100, с. 220]. Да ліку парадыйных паэтонімаў адносіцца найменне героя п’есы Георгія Марчука “Вясёлыя, бедныя, багатыя” Роберта Тушканчыкава. Адмоўная экспрэсія імені ствараецца за кошт відазмянення яго гукавога аблічча. Роберт у п’есе трансфармуецца ў Робата. “Не чалавек я, Іван. Імя маё не Роберт, а Робат. Значыць, місія ў мяне на зямлі. У мяне ні ў сэрцы, ні ў душы няма любові. Мо з таго і пакутую, прыгнаты адтуль, з раю” [100, с. 147]. Герой п’есы – памагаты д’ябла. Роберт-Робат імкнецца ператварыць сумленных палешукоў у “агурковых каралёў Палесся”. Простых, даверлівых людзей ён нібы садзіць у цяпліцу, замкнёную прастору, каб лягчэй ажыццяўляць свае намеры – вырошчваць новых робатаў, рабоў лёгкай нажывы.
Ужыванне імён-рэмінісцэнцый заснавана на “перанясенні пэўных рыс асобы, названай іменем-арыгіналам, на іншы персанаж, у адносінах да якога наўмысна выкарыстоўваецца імя вобраза-«першакрыніцы» [119, с. 11]. Адзін з герояў рамана Г. Марчука “Без ангелаў” названы Самсонам Гарошкам. Самсон – імя мужнага біблейскага героя, які валодаў надзвычайнай сілай. Гарошак (Пакацігарошак) – найменне смелага асілка, персанажа славянскіх казак. Сутнасць марчукоўскага героя супрацьлеглая семантыцы такіх сімвалічных імені і прозвішча. Аўтар падкрэслівае, што Самсон Гарошка палахлівы, мітуслівы. Ён пастаянна ўзгадняе свае ўчынкі з ацэнкамі і меркаваннямі начальства, імкнецца абаперціся на больш моцных па характары людзей. Тым не менш менавіта такі чалавек здолеў не толькі ўтрымацца на пасадзе старшыні сельсавета, але і атрымаць павышэнне па службе. Аўтар найменнем свайго героя падказвае чытачу: вось “багатыры”, “героі” нашага часу. Яны не маюць цвёрдых перакананняў, падпарадкоўваюцца ўладзе, прыстасоўваюцца да абставін. Толькі такія людзі маглі вытрываць жыццёвыя выпрабаванні і ўзвысіцца ў таталітарнай дзяржаве. Адзін з персанажаў навелы Г. Марчука “Трагікі і комікі”, рэжысёр тэатра, завецца іменем-рэмінісцэнцыяй Маратам Варашылавым. У найменні героя невыпадкова спалучаюцца імя дзеяча Вялікай французскай рэвалюцыі і прозвішча аднаго з найбольш актыўных арганізатараў масавых рэпрэсій 1930–1950 гг. у Савецкім Саюзе. Чытаючы пра ўчынкі Марата Варашылава, аналізуючы яго адносіны да людзей, мы міжволі прыгадваем яго славутых цёзак. “Эксперыментатар і наватар” [102, с. 332], гэты рэжысёр, як сапраўдны рэвалюцыянер, разбурае асновы традыцыйнага тэатра, смела ўводзячы (дзе трэба і дзе не трэба) эротыку на тэатральныя падмосткі. Хітры і вопытны “матадор закулісных інтрыг” [102, с. 333], Варашылаў, як і яго вядомы савецкі цёзка, ювелірна распраўляецца са сваім праціўнікам: даводзіць таленавітага акцёра да смерці.
Паэтонімы-вобразы ілюструюць магчымасць развіцця ў імёнах рэальных гістарычных асоб і персанажаў літаратурных твораў пераносных (метафарычных) значэнняў. У аснове анамастычнай метафары (антанамазіі) – імкненне аўтараў да супастаўлення з мэтай больш яркай і лаканічнай характарыстыкі героя. Найбольш трапна творца можа выразіць думку, параўнаўшы чалавека з вядомай гістарычнай асобай або літаратурным персанажам, якія сталі ўвасабленнем пэўных чалавечых якасцей і імёны якіх могуць сказаць чытачу больш, чым шматслоўныя гістарычныя і літаратурныя экскурсы. І. А. Ганчароў у сувязі з гэтым пісаў: “Каму якая справа была б, напрыклад, да звар’яцелых Ліра і Дон-Кіхота, калі б гэта былі партрэты дзівакоў, а не тыпы, г. зн. люстэркі, якія адлюстроўваюць у сабе бясконцыя падабенствы – у старым, новым і будучым чалавечым грамадстве” [34, с. 108]. У аснове характарыстыкі героя рамана Валянціны Коўтун “Крыж міласэрнасці” Рамана Малецкага (ён забіў стрыечнага брата, каб завалодаць грашыма рэвалюцыянераў) імя біблейскага героя: “Ён – Каін, які на следстве ўжо прызнаў сябе вінаватым у забойстве Тамашэўскага менавіта з-за грошай” [75, с. 341]. А незвычайную прыгажосць сялянкі Хрысці, гераіні рамана А. Наварыча “Літоўскі воўк”, можна паказаць праз характарыстыку-метафару, аснову якой складае імя багіні прыгажосці і кахання: “Хрысця – німфа, якую паслаў мне Бог, ранішняя кветка, Афрадыта” [110, с. 69].
Ствараючы найменні персанажаў, пісьменнікі могуць “затушоўваць” характарыстыку літаратурных герояў за кошт выкарыстання дыялектных і іншамоўных лексем. Такія антрапонімы адносяцца да ліку схавана-
гаваркіх. Схаванагаваркім онімам з’яўляецца прозвішча галоўнай гераіні навелы Г. Марчука “Яўдоха Шабуня”. Онім гэты пераклікаецца з дыялект-
най лексемай шабуніць ‘хутка ісці’ [152, с. 102]. Антрапонім адпавядае паводзінам гераіні. “Яўдоха інакш і не хадзіла, як подбегам, такая жвавая, рухавая бабка” [98, с. 216]. Прозвішча героя казкі “Ясельда” пана Валкевіча суадносіцца з польскай лексемай walka, якая мае значэнне ‘змаганне, барацьба’ [31, с. 709]. Унутраная форма прозвішча раскрыва-
ецца ў мікракантэксце: “Каб толькі выслужыцца перад каралём, пайшоў Валкевіч на вайну: усё згодны вытрываць, абы мястэчка [Моталь] яму належала” [101, с. 277].
Класіфікацыя, якая ўлічвае сэнсавую нагрузку імён уласных, іх мастацкую функцыю, з’яўляецца асабліва значнай для разумення ролі паэтонімаў у мастацкім тэксце.